Штогод, 21 лютага, ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Не абмінула гэтае свята і нас. У нашай школе стала добрай традыцыяй шырока адзначаць гэты дзень. Мы не ператварылі кабінеты ў філіял этнаграфічнага музея, не прывялі гурт бабулек спяваць народныя песні, а паспрабавалі адзначыць свята па-сучаснаму, даказаць, што мова родная – мова модная.
Пры ўваходзе ў школу вучняў сустракалі вядучыя гульні “Пытанне на мільён”, якія прапаноўвалі зрабіць пераклад рускіх слоў на беларускую мову. Гульцы за правільныя адказы атрымлівалі прыгожыя, у нацыянальным стылі бранзалеты.
На працягу дня вучні, настаўнікі, бацькі і госці школы выбіралі самае вясёлае беларускае слова. Перамогу атрымала слова бурбалкі.
У 14 гадзін у актавай зале адбылася гульня “Лінгвістычны бой”. Больш за гадзіну вучні 6-хкласаўвыконвалі цікавыя і пазнавальныя заданні. І ўдзельнікі, і гледачы акунуліся ў чароўны свет роднай мовы. Вучні здзівілі добрай падрыхтаванасцю, эрудыцыяй, кемлівасцю. Перамогу атрымала каманда 6 “Д” класа. Добрыя веды, арыгінальныя рашэнні прадэманстравала і каманда 6 “Ж” класа , якая заняла ганаровае другое месца.
У кожным класе былі праведзеныя інфармацыйныя гадзіны “Гімн роднаму слову”, на якіх вучням расказалі пра гісторыю свята, ролю беларускай мовы ў развіцці культуры, літаратуры, мастацтва. Настаўнікі паспрабавалі заахвоціць гаварыць на роднай мове.
Але самым творчым, цікавым быў конкурс–выстава “Ў нескладанае”. Вучні 1 і 2-х класаў зрабілі вялікую колькасць арыгінальных, яркіх вырабаў. Пераможцу вызначылі гледачы шляхам галасавання. Ей стала Малышук Аліса, вучаніца 1 “Б” класа.
Вялікае кола гледачоў сабраў “Музычны перапынак”, на якім школьны ансамбль “In voice” выконваў сучасныя песні на беларускай мове.
Прыгожа прыбраная школа, адзенне вучняў і настаўнікаў бела-чорна-чырвонага колеру (адпаведны дрэс-код на Дзень роднай мовы, дзе чырвоны – сімвал жыцця і кахання, белы – чысціні і адкрытасці, чорны – сціпласці і гонару) стварылі святочны настрой, паказалі, што моладзь не дасць загінуць ёй, жывой і непаўторный, вобразнай, вольнай, пявучай, цудоўнай роднай мове.