Тыдзень беларускай мовы і літаратуры для вучняў 5 – 11 класаў
З 27 лістапада па 2 снежня 2017 г. у нашай школе праходзіў Тыдень беларускай мовы і літаратуры.
Адкрыццё Тыдня адбылося ў панядзелак выставай малюнкаў “Радзіма вачамі дзяцей” і дэманстрацыяй відэаролікаў пад агульнай назвай “Мой родны кут, як ты мне мілы!..” (арганізатар наст. Гусева Н.В.).
З аўторка па чацвер лектарская група пад кіраўніцтвам настаўніцы Гусевай Наталлі Віктараўны наведала ўрокі, класныя і інфармацыйныя гадзіны з вусным часопісам “Не ў адной толькі нашай душы зерне ёсць хараства…”, які нагадаў або пазнаёміў вучняў школы з асноўнымі фактамі біяграфіі народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, чыя юбілейная дата (135 год з дня нараджэння) адзначалася сёлета 3 лістапада.
На працягу Тыдня настаўніца Шастак Ірына Рыгораўна прымала творчыя работы вучняў пад назвай “Зашыфруйце аўтара ці назву твора з дапамогай смайліка”.
Лепшыя творчыя знаходкі можна пабачыць на выставе ў фае школы.
Настаўніца Таўсцяк Вера Пятроўна ў 6 “Е” класе правяла адкрыты ўрок па беларускай літаратуры. Тэма: Алесь Ставер. “Жураўлі на Палессе ляцяць” – песенная візітка Беларусі.
Вучні пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення песні, асобай аўтара, вызначылі патрыятычную накіраванасць твора, успомнілі асноўныя сімвалы роднай Беларусі.
У пятніцу вучні 7 – 8 класаў былі запрошаны ў актавую залу на прэзентацыю вуснага часопіса “Як песня народа – неўміручы наш Колас…”, якую падрыхтавала настаўніца Жук Наталля Іванаўна са сваімі выхаванцамі.
Працягам знаёмства з асобай паэта-юбіляра стала тэатральная мініяцюра “У гасцях у дзядзькі Якуба”. Яе прадставілі перад гледачамі вучні настаўніцы Дзік Валянціна Васільеўна.
Завяршыўся Тыдзень у суботу двума мерапрыемствамі для пяцікласнікаў.
Вучні Галіны Васільеўны Зайко настроілі гледачоў на лірычны лад вершаванай кампазіцыяй “Поры года” (па творах Якуба Коласа). Выразная, маляўнічая прэзентацыя дапоўніла гучанне вядомых паэтычных радкоў.
А далей каманды ад кожнага пятага класа ўключыліся ў захапляльную віктарыну“Гавары са мной па-беларуску”, якую падрыхтавала і правяла настаўніца Ілона Іванаўна Ануфрэня.
Журы ў складзе настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Рыгораўны Шастак, настаўніцы англійскай мовы Аляксандры Сяргееўны Осінай і вучня 11 “А” класса (віцэ-прэзідэнта школы) Пакаржылы Кірыла працавала напружана, сур’ёзна падыходзіла да ацэньвання кожнага этапу.
Для гледачоў таксама былі падрыхтаваны конкурсныя пытанні, дзе кожны мог праявіць сваю эрудыцыю і кемлівасць.
І месца заняла каманда 5 “Д” класа (кл. кір. Зайко Г.В.).
ІІ месца – каманда 5 “А” класа (кл. кір. Дземчанка Ю.Л.).
ІІІ месца – каманда 5 “Г” класа (кл. кір. Сацук Т.В.).